Ад прадзедаў спакон вякоў: у Гомельскім раёне прайшоў IX конкурс-фестываль фальклору
- 13 ноября 2023
Дзясяткі артыстаў і майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці сабраў IX раённы конкурс-фестываль народнай творчасці “Ад прадзедаў спакон вякоў…”. Гэты мастацкі форум праходзіць раз у два гады, і кожны раз яго ўдзельнікі адкрываюць новыя старонкі самабытнай культуры малой радзімы.
Па словах члена журы, загадчыка аддзела культуры райвыканкама Ірыны Чарнаруцкай, конкурс-фестываль стаў адметнай падзеяй у культурным жыцці раёна:
— Ён дае магчымасць узгадаць пра мінулыя часы, святы і традыцыі, адрадзіць аўтэнтычныя рамёствы і расказаць пра побыт нашых продкаў.
Рэгіянальны конкурс-фестываль праводзіўся ў трох накірунках: песенна-харэаграфічная і вусна-паэтычная праграма, дэкаратыўна-прыкладная творчасць і нацыянальная кухня, заснаваная на мясцовых рэцэптах.
Дарэчы, некаторыя ўдзельнікі фестывалю падалі заяўкі ў некалькі намінацый адначасова, як, напрыклад, ураджэнец Маркавіч Віктар Шыпкоў. Народны майстар Беларусі вельмі цікава расказваў пра адраджэнне старажытных рамёстваў. Ён таксама прадэманстраваў, як нашы бабулі ўпрыгожвалі сваё адзенне выцінанкамі-карункамі, для чаго выкарыстоўвалі… звычайны нож! Таксама разам з памочніцамі ён паказаў абрад Дзяды, асновай для якога паслужылі традыцыі і легенды роднай мясцовасці.
Майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці рознага ўзросту прадэманстравалі цікавыя і прыгожыя работы. Вучаніца Грабаўскай сярэдняй школы Сафія Ключнікава захапляецца вырабам пано і шкатулак з бяросты. У гэтым ёй дапамагае педагог Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскага раёна Ірына Данільчук. А Марыя Воскун, таксама вучаніца Грабаўскай школы, амаль чатыры гады наведавае гурток па інтарэсах, які вядзе педагог Наталля Шарко, і ўжо засвоіла нямала відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Зараз дзяўчына аддае перавагу роспісу па шкле, які раней таксама быў папулярным у жыхароў Грабаўкі і наваколляў.
Сярод конкурсных работ былі вышыванкі Валянціны Ісакавай і Алесі Пчалінцавай з Улукаўскага сельсавета, унікальная сожская скань (вырабы з танюсенькіх драўляных стружак) Віталя і Надзеі Цесля з Каранёўкі. Сюжэтныя лялькі-матанкі прадставіла майтар з Новай Гуты Алена Дудкіна, разьбяры па дрэву Андрэй Пастухоў, настаўнік Зябраўскай дзіцячай школы мастацтваў і жыхар Галавінцаў Міхаіл Шапавалаў, дрэўцы з бісеру — Людміла Крышталёва з Чонак і іншыя.
Праграму конкурсу-фестывалю працягнулі выступленні васьмі калектываў раёна, якія разгарнулі перад журы і гледачамі старонкі мінулага ў песнях, тэатралізаваных пастаноўках і народных гульнях. Захаваннем народнай спадчыны займаюцца ўдзельнікі творчых калектываў “Павалякі” Яромінскй дзіцячай школы мастацтваў, “Пралескі” і “Гармонія” Яромінскай і Галавінскай сярэдніх школ, “Світанак” з Міхалькоў і іншыя.
Членаў журы запрасілі пакаштаваць і стравы беларускай кухні, бо кожны куточак Гомельскага раёна мае свае асаблівыя і адметныя. Напрыклад, скавароднікі (вялікія бліны) гатавалі ў Бабовічах, мяккі і духмяны хлеб з дабаўленнем аўсяных шматкоў — ва Улукаўскім сельсавеце, а грачанікі па асабліваму рэцэпту — у Чонках.
Як адзначыла член журы, дырэктар Цэнтра культуры Гомельскага раёна Людміла Нікіціна, у выступленнях і выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці занята шмат дзяцей і падлеткаў, што гаворыць аб пераемнасці пакаленняў.
І вось — падвядзенне вынікаў. Гран-пры чарговага конкурсу-фестывалю “Ад прадзедаў спакон вякоў” за вернасць нацыянальным традыцыям заваяваў Віктар Шыпкоў. Ён таксама адзначаны дыпломамі I ступені ў намінацыях “За лепшую тэатралізацыю конкурснай праграмы і артыстызм”, “За лепшае веданне нацыянальных традыцый і іх захаванне”, “За адпаведнасць сцэнічнага касцюма нацыянальным народным традыцыям” у сваёй узроставай катэгорыі.
Першае месца ў намінацыі “За арыгінальнасць стравы беларускай нацыянальнай кухні па традыцыйным рэцэпце сваёй мясцовасці” заваявала аматарскае аб’яднанне “Добрыя сустрэчы” Бабовіцкага дома культуры, самая арыгінальная конкурсная праграма была ва ўзорнага фальклорнага ансамбля “Павалякі” Яромінскай дзіцячай школы мастацтваў.
Узорны харэаграфічны ансамбль танца “Карусель” Навагуцкай дзіцячай школы мастацтваў і Наталля Кадзетава з філіяла “Цэнтр рамёстваў” Цэнтра культуры Гомельскага раёна прадэманстравалі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства і мастацкі густ. Вырабы Алены Дудкінай з Новай Гуты, кіраўніка Цэнтра рамёстваў, а таксама юнай майстрыхі Марыі Воскун з Грабаўкі адзначаны ў намінацыі “Адпаведнасць твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нацыянальным традыцыям”.
Вакальны ансамбль “Гармонія” Галавінскай сярэдняй школы прызнаны лепшым адразу ў двух намінацыях — за лепшую тэатралізацыю конкурснай праграмы і артыстызм, а таксама лепшае веданне нацыянальных традыцый і іх захаванне.
Арганізатары конкурсу-фестывалю “Ад прадзедаў спакон вякоў” заклікаюць жыхароў раёна, установы адукацыі і культуры збіраць, захоўваць і працягваць мясцовыя традыцыі.
Ірына ГРАМЫКА. Фота аўтара.